Торжество, Праздник

Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай

  1. Утварэнне Рэчы Паспалітай. Дзяржаўна-прававое палажэнне ВКЛ.
  2. Эканамічны і сацыяльны стан насельніцтва Беларусі ў складзе РП.
  3. Знешняя палітыка РП.
  4. Палітычны крызіс РП і яе падзел паміж Расіяй, Аўстрыяй, Прусіяй.

1. 1 ліпеня 1569 года ў польскім горадзе Люблін быў падпісаны вялікай важнасці дакумент, што адыграў ракавую ролю ў гісторыі беларускага народа. Гэта быў акт аб уніі (аб'яднанні) Польшчы і ВКЛ, у выніку якога ўзнікла магутнае на той час дзяржаўнае ўтварэнне "Рэч Паспалітая" (з лац. – "Рэспубліка").

Люблінская ўнія была не першым саюзным пагадненнем паміж ВКЛ і Польшчай. З 14 па 16 стст. яны падпісваліся ў 1385, 1401,1413,1447, 1501, 1503, 1566 гадах. Але гэтыя саюзы датычыліся асабістых уладных адносін гаспадароў двух краін (мелі дынастычны характар). Кожная з дзяржаў захоўвала непарушнымі асновы палітыкі, эканоміку і культуру. Люблінская ўнія стала самай трывалай і лёсавырашальнай, бо гэта было аб'яднаннем двух дзяржаў. Яна праіснавала 225 гадоў, за гэты час разбурыла большасць атрыбутаў суверэнітэту беларусаў.

Што прымусіла кіраўніцтва ВКЛ пайсці на больш кардынальную ўнію з Польшчай? Выдзяляюць 2 асноўныя прычыны:

1. знешняя пагроза.

Няспынныя на ўсходзе войны з Маскоўскай дзяржаваю, якая нарошчвала сваю магутнасць праз расшырэнне тэрыторыі ў захопніцкіх войнах, а таксама на поўдні грабежніцкія набегі крымскіх татар. Гэта сур'ёзна аслабляла княства. Яшчэ больш пагоршылі стан дзяржавы паражэнні ў першы перыяд Лівонскай вайны (1558-1583 гг.), калі маскоўцамі былі захоплены многія гарады паўночна-ўсходняй часткі краіны, у тым ліку і Полацк. Войскі Масквы знаходзіліся недалёка ад сталіцы – Вільні. Казна дзяржавы была пустой. Усё гэта і вымусіла кіраўніцтва ВКЛ шукаць паратунку ў саюзе з Польшчай. Польскія гаспадары марылі аб "паглынанні" ВКЛ, а феадалы хацелі новых земляў і ўладанняў на ўсходзе. З гэтымі імкненнямі супадалі жаданні каталіцкай царквы, зацікаўленай у расшырэнні экспансіі каталіцызма на тэрыторыях праваслаўных беларусаў і ўкраінцаў.

2. супярэчнасці ў пануючых саслоўях ВКЛ.

Дамініруючае становішча ў дзяржаве належала магнатам. Яны мелі амаль неабмежаваную ўладу і адціскалі шляхту на другі план. Дробная і сярэдняя шляхта хацела такіх жа ільгот і правоў, або як тады гаварылі, "залатых вольнасцей", што мела ўжо польская шляхта. Яна рашуча ўплывала на ўнутраную і знешнюю палітыку Польскага ўрада. Дасягнуць такіх жа вольнасцей як у Польшчы, зраўняцца з ёю, літоўская шляхта меркавала заключэннем чарговай уніі.

Падпісаны акт Люблінскай уніі дэклараваў "Каралеўства Польскае і ВКЛ уяўляюць сабою ўжо адно непадзельнае цэлае, а таксама не асобную, але агульную рэспубліку, якая злучылася і з'ядналася ў адзін народ з двух дзяржаў і народаў". Далей канстатавалася, што злучаныя дзяржавы маюць:

аднаго караля з выбарнай, а не спадчыннай пасадай

агульны Сойм у Варшаве для вырашэння найбольш важных спраў

ліквідуюцца дзяржаўныя межы і ўтвараецца гандлёвая прастора без мытных збораў з агульнымі грошамі

агульная знешняя палітыка.

Больш трэці зямель ВКЛ адыходзіла да Польшчы. Гэта значная частка сённяшняй Украіны (Кіеўчына, Падолле, Валынь) і сённяшняя Беласточчына. Аднак ВКЛ не адводзілася роля каланіяльнай краіны. Люблінская ўнія захоўвала ёй поўную самастойнасць:

заставаўся даўні адміністрацыйны апарат

судовая сістэма

свой тытул і пячатка

узброеныя сілы

розныя дзяржаўныя мовы: у ВКЛ – беларуская (да канца 17 ст.), а ў Польшчы – лацінская і польская

унутры РП да Польшчы прымянялася назва "Карона", а нашу краіну сталі проста называць "Княства" ці "Літва".

РП – федэратыўная дзяржава, якая складалася на значна большай выгадзе для Польшчы.

Першае ўражанне ў княстве ад уніі было шокавым, бо ў фармуліроўках прынятага акта былі закладзены ўмовы непазбежнай дыскрымінацыі літоўскіх магнатаў і шляхты як у палітычным, так і ў эканамічным плане. Пагэтаму ў большай частцы пануючых колаў грамадства ВКЛ у апошняй трэці 16 ст. і ў пачатку 17 ст. сталі праяўляцца антыпольскія, незалежніцкія настроі. Вядучую ролю ў гэтым супрацьстаянні іграў буйны палітычны і грамадскі дзеяч ВКЛ Леў Сапега (1557-1633 гг.). Гэта быў высокаадукаваны чалавек, які дасканала валодаў некалькімі еўрапейскімі мовамі. Дзякуючы выдатным здольнасцям, ён займаў высокія пасады, быў канцлерам ВКЛ, вёў барацьбу за незалежнасць Літвы, за захаванне дзяржаўнасці беларускай мовы. Самым выдатным дасягненнем у гэтай справе было прыняцце ў 1588 годзе трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ. Яго галоўным рэдактарам, складальнікам і выдаўцом быў Леў Сапега і яго паплечнік Астафей Валовіч.

Статут ахопліваў усе бакі жыцця ВКЛ, дзейнічаў як своеасаблівая канстытуцыя больш за 250 гадоў. Ён стаў узорам для складання ўласнага заканадаўства Расіі, Латвіі, Эстоніі. Спецыялісты сцвярджаюць, што нягледзячы на тое, што Статут ВКЛ узаконіў прыгоннае права, замацаваў залежнасць сялян ад феадалаў, многія яго палажэнні і юрыдычныя нормы не страцілі сваёй каштоўнасці і сёння. Найбольш прагрэсіўнымі для свайго часу з'яўляюцца наступныя палажэнні:

  1. У Статуце закладзена ідэя патрыятызма і абароны незалежнасці ВКЛ. У ім нават не ўпаміналася аб прынятай Люблінскай уніі, больш таго ён нават скасаваў многія яе патрабаванні (забараніў польскім магнатам і шляхце набываць у Літве зямлю і маёнткі, займаць дзяржаўныя і вайсковыя пасады. Права гэтае давалася толькі "літве, русі, жамойці, родзічам, старажытным і уражэнцам вялікага князя". Захоўвалася права ВКЛ на абвяшчэнне вайны і скліканне "паспалітага рушэння", права мець дзяржаўны сойм).
  2. Ідэя ўсталявання прававой дзяржавы – вяршэнства закона над любой уладай. Нават каралю ці вялікаму князю прыгадвалася, што ўлада іх выбарная, яны павінны строга прытрымлівацца законаў. Статут заканадаўча аформіў падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Гэта адбылося на 200 гадоў раней, чым у еўрапейскіх краінах.
  3. У судзебна-працэсуальнай справе былі ўзаконены такія, фактычна сучасныя дэмакратычныя нормы, як прэзумпцыя невінаватасці, г. зн. нельга караць чалавека, не даказаўшы яго віны, нават асабістае прызнанне павінна быць даказана аб'ектыўнымі фактамі.
  4. Кодэкс упершыню ў сярэднявеччы прызначаў смяротную кару за забойства нават простага чалавека. Ад крымінальнай адказнасці вызваляліся непаўналетнія, уводзілася ўдвая павялічанае пакаранне за злачынства супраць жанчыны. Абвяшчаўся прынцып індывідуальнай адказнасці за злачыннае дзеянне і забаранялася караць родзічаў і блізкіх віноўцы.
  5. Вольным грамадзянам Літвы дазвалялася без перашкод выязджаць за межы краіны.
  6. Статут прызнаваў шматканфесійнасць грамадства ВКЛ, ідэя рэлігійнай талерантнасці. Кодэкс ураўноўваў у правах і прывіляех магнатаў і шляхту незалежна ад рэлігійнага веравызнання.
  7. Распарцавана экалагічнае права. Адным з першых у Еўропе Статут ВКЛ браў пад дзяржаўную ахову прыроду, рэгламентаваў карыстанне зямлёй, лесам, рэкамі і азёрамі. Забаранялася паляваць у міжсезонне на звяроў і птушак, разбураць пчаліныя борці.

Статут 1588 г. трэццяй рэдакцыі напісан на чыстай, сакавітай старабеларускай мове. Усё гэта робіць яго ўзорам прававой і палітычнай думкі, выдатным помнікам беларускай і сусветнай культуры. Мы, беларусы, можам па праву ганарыцца такой спадчынай.

На жаль, як і ва ўсіх краінах феадальнага сярэднявечча, прагрэсіўныя ідэі і прынцыпы нічым не замацоўваліся і фактычна толькі дэклараваліся. І тыя спрыяльныя ўмовы для пашырэння на тэрыторыі Літвы ўплыву Польшчы, што былі створаны Люблінскай уніяй, сталі праяўляцца ўсё больш. Адбывалася прыніжэнне і нават адмаўленне беларускай культуры, пачаўся працэс апалячвання беларусаў. Вядучым фактарам у гэтым працэсе была каралеўская ўлада, якая лічылася вышэйшай за княжаскую. Каб зрабіць службовую кар'еру, або проста быць пры каралеўскім двары, беларусу трэба было стаць "сваім чалавекам" у польскім культурным і моўным асяроддзі. Таму беларускія магнаты, шляхта і іх нашчадкі імкнуліся хутчэй ператварыцца ў "польскага пана".

Пастаянна дзеючым фактарам у апалячванні беларусаў была каталіцкая царква. Пад час існавання РП яна стала фактычна дзяржаўным інстытутам па апалячванню ўсходніх славян. Гэты працэс значна паскорыўся з пачаткам палітыкі контррэфармацыі. Яна пачалася ў 1570 годзе з дзейнасці манашаскага Ордэна езуітаў, які быў запрошаны ў краіну, меў моцную арганізацыю і багаты вопыт барацьбы з ерассю за ўмацаванне каталіцкай царквы, улады папы Рымскага. Пра гэта сведчыць лозунг Ордэна: "Хто не за папу, той д'ябал". Дзейнасць Ордэна ставіла мэту вярнуць у лона каталіцкай царквы "заблудшых" у праваслаўі ці ў пратэстантызме людзей. Для гэтага члены Ордэна пранікалі ў палацы як духаўнікі, дарадчыкі, хатнія настаўнікі, праводзілі дыскусіі і дыспуты. П. Скарга, С.Варшавіцкі ўзрушалі людзей, выклікалі ў іх слёзы і жаданне каяцца. Яны адчынялі школы (калегіумы), у якіх рыхтавалі абаронцаў каталіцызма, заснавалі першую вышэйшую ў Літоўскім княстве навучальную ўстанову – Віленскую акадэмію (1579 г.), якая пазней стала называцца ўніверсітэтам. Пачалі будавацца кляштары, пампезныя касцёлы ў стылі барока – гэта ўсё спрыяла перамозе контррэфармацыі, якая існавала на Беларусі амаль 200 гадоў. Адначасова ліквідаваліся праваслаўныя "брацкія" школы, беларуская мова як дзяржаўная была забаронена (1696 г.), праводзіліся і іншыя падобныя адміністратыўныя меры. У выніку ўжо да сярэдзіны 18 ст. афіцыйныя ўлады заяўлялі, што ў РП стварыўся "адзіны польскі народ шляхецкі", г.зн., што беларускія магнаты і шляхта ў асноўнай сваёй масе перайшлі ў польскае культурнае асяроддзе, гаварылі на польскай мове, лічылі сваімі польскія нацыянальныя каштоўнасці, г.зн. апалячыліся. Так беларускі народ страціў свой нацыянальны вышэйшы пласт грамадства, людзей адукаваных, багатых.

2.РП была феадальнай дзяржавай і Беларусь, як састаўная яе частка, жыла па нормах і законах феадальнага часу. У перыяд з канца 16 і да канца 18 ст. усё грамадства Беларусі складалася з трох асноўных вялікіх груп: феадалаў, сялян і гараджан.

Пануючую групу прадстаўлялі феадалы, якіх было 7-10 % ад усяго насельніцтва. Гэта была вялікая частка, нават у параўнанні з заходнееўрапейскімі краінамі, а ў Расіі ўвогуле баяр і дваран, што раўназначна беларускім магнатам і шляхце, было не больш 1%. Феадальны пласт грамадства падзяляўся на розныя катэгорыі ў залежнасці ад багацця і прававога стану ў дзяржаве. Гэта былі магнаты, буйная, сярэдняя і дробная шляхта, царкоўныя дзеячы.

Другую, самую шматлікую групу звыш 80 % складалі розныя катэгорыі сялянства:

цяглыя

неслі асноўную масу і набор феадальных павіннасцей (аброк, які плацілі грашыма (чынш) або прадуктамі з адзінкі зямлі; паншчына (2-4 дні ў тыдзень працавалі са сваімі прыладамі з усходу да заходу сонца пад наглядам, з канём ці пешшу на полі пана або ў двары яго фальварка));

"асадныя"

не хадзілі на паншчыну, але плацілі феадалам павышаны аброк;

сяляне-"агароднікі"

ім выдзяляўся пад агарод кавалак зямлі; павіннасці яны абавязаны былі выконваць у значна большай меры;

"халупнікі"

мелі хату без сялянскага падвор'я;

"кутнікамі" і "каморнікамі"

тыя, хто здымаў у чужой хаце кут ці камору;

"бабылі"

сяляне, якія не мелі нічога, нават уласнай сям'і;

сяляне-слугі

рамеснікі, кавалі, конюхі, якія былі забяспечаны зямлёй.

Усе катэгорыі сялян, акрамя павіннасцей феадалу, павінны былі выконваць шмат іншых абавязкаў: плаціць падаткі на карысць дзяржавы (сярэбршчына, пагалоўшчына, рамантавалі дарогі і масты, былі абознымі пад час ваенных падзей).

Вельмі моцны ўплыў на лёс беларускага сялянства зрабіла аграрная рэформа "Устава на валокі". Яе пачалі праводзіць яшчэ ў 1557 годзе, але рэалізавался яна аж да першай паловы 17 ст.: спачатку на захадзе Беларусі, а пазней ва ўсходняй частцы. Яе сутнасць заключалася ў тым, што яна прыводзіла да стандартнага вымярэння ўсёй плошчы ворнай зямлі ВКЛ у валоках. У залежнасці ад якасці зямлі ў валоку ўваходзіла ад 30 да 46 моргаў (сёння гэта 71 га, 1 валока складае ад 21 да 33 гектараў зямлі).

Згодна рэформе, шляхта надзялялася лепшай ворнай зямлёй у першую чаргу, у колькасці ад 8 да 15 валок. Такім чынам, фальварак (двор) шляхты атрымліваў ад 200 да 400 га. Ад велічыні фальварка залежала колькасць сялянскіх надзелаў. Звычайна на адну валоку фальварка наразалася прыгонным сялянам 7 дзялянак у колькасці ад 0,5 валокі да 1 валокі ў залежнасці ад якасці ўчастка. Большасцю зямлі кампенсавалася яе нізкая якасць.

Галоўным вынікам праведзенай аграрнай рэформы "Уставы на валокі" было ўпарадкаванне землекарыстання ў дзяржаве, павелічэнне ад фальваркаў даходаў і замацаванне сялян за зямельнымі ўчасткамі, атрыманымі ад феадала толькі для карыстання. Рэформа таксама разбурыла сялянскую абшчыну, што спрыяла фарміраванню ў сялян псіхалогіі індывідуалізму, замест абшчыннага калектывізму. У сваю чаргу гэта стварала ўмовы для сацыяльнай дыферэнцыяцыі вёскі і развіццю рыначных адносін.

Гараджане Беларусі ў гэты час складалі ад 5 да 10 %. Акрамя гарадоў яны жылі ў спецыфічных паселішчах – мястэчках (гарадскі пасёлак). Калі горад налічваў ад 3 да 10 тысяч жыхароў, то мястэчка – ад 1 да 3 тысяч. Большасць жыхароў горада, каля 80%, складалі беларусы, хоць у некаторых яўрэі налічвалі да 40%. Яўрэі жылі даволі абасоблена, абшчынамі-кагаламі, па сваіх законах. Жыхарамі гарадоў і мястэчак былі таксама літоўцы, палякі, рускія, татары, латышы, украінцы, немцы. Таму гарады і мястэчкі былі шматканфесійнымі.

Гарады і мястэчкі былі адміністратыўнымі цэнтрамі. У буйных гарадах (Полацк, Віцебск, Магілёў, Вільня і інш.) знаходзіліся цэнтры ваяводств, у сярэдніх па велічыні – цэнтры паветаў, у невялікіх гарадах і мястэчках – воласці, войтаўствы або рэзідэнцыі феадалаў. Гарады і мястэчкі дзяліліся на дзяржаўныя (вялікакняжацкія) і прыватнаўласніцкія (належылі феадалам). Напрыклад, Шклоў, Слуцк, Маладзечна, Лагойск узніклі ў асноўным як цэнтры рэзідэнцыі магнатаў або былі падараваны Вялікім князем за службу.

Паступова ў незалежных ад феадала дзяржаўных гарадах сталі ўзнікаць "слабодкі" і кварталы пад назвай "юрыдык". Там жылі людзі, падначаленыя свецкаму ці духоўнаму феадалу. Гэтая частка горада павялічвалася, паколькі жыхары "юрыдык" не падпарадкоўваліся гарадскім уладам і не плацілі налогі ў гарадскую казну. І гэта спакушала іх на пераход пад уладу феадала.

Вызваленне ад гарадскіх падаткаў не вызваляла "юрыдыкі" ад агульных павіннасцяў. Усе жыхары горада вымушаны былі выконваць шмат іншых абавязкаў: працаваць на работах па ўмацаванню крэпасных збудаванняў, быць удзельнікам пастаянных вайсковых вучэнняў (муштраў) і г.д.

Пануючы пласт гараджан састаяў з багатых купцоў, майстроў-рамеснікаў, вышэйшага духавенства, ваенна-служылых людзей. Гэты гарадскі патрыцыят з сем'ямі налічваў да 25% гараджан. Асобны пласт складалі дробныя гандляры, простыя рамеснікі, ніжэйшае духавенста і радавыя чыноўнікі. Іх было каля палавіны ўсіх гарадскіх жыхароў. Каб атрымаць статус гараджаніна, трэба было пажыць у кандыдатах некалькі гадоў, мець прафесію і высокія маральныя якасці. А для купцоў і рамеснікаў трэба было яшчэ мець і "аседласць", г.зн. майстэрню ці гандлёвую лаўку ў горадзе. 30 % гараджан складалі беззямельныя сяляне, якія збеглі ў горад шукаць лепшай долі.

Вялікае значэнне для жыцця горада мела Магдэбурскае права. Яно вызваляла гараджан ад феадальнай залежнасці, рэгулявала ў пэўнай меры сацыяльныя адносіны, забяспечвала самакіраванне. Кіраўніцтва здзяйсняў магістрат, які складаўся з Рады і Лавы. Рада на чале з войтам і радаўцамі (райцамі) ажыццяўляла функцыі гарадской улады, а лава (лаўнікі) судзіла па крымінальных справах. Членамі гэтых інстытутаў улады маглі быць выбраны толькі заможныя старажылы горада. Войт выбіраўся таксама, але зацвярджаўся Вялікім князем ці каралём. Практычную работу магістрата выконвалі бурмістры, выбраныя з ліку радаўцаў і зацверджаныя войтам. Яны вялі пасяджэнне магістрата ў якасці старшыні, ведалі пытаннямі кантролю за выдаткамі казны, за дзейнасцю камунальных службаў, назіралі за грамадскім парадкам і г.д. На пасяджэннях лавы старшынстваваў войт. Працаваў магістрат у спецыяльна пабудаваным у цэнтры горада ратушы.

Другім вельмі важным значэннем Магдэбургскага права было тое, што яно стварала ўмовы для развіцця гандлю і рамесніцтва. Каб пазбавіцца ад канкурэнцыі, а таксама абараніцца ад свавольства магнатаў і шляхты, якія любілі рабіць у гарадах і на дарогах розныя свавольствы (рабавалі), купцы і рамеснікі арганізоўваліся ў цэхі. Рамесны цэх прадстаўляў сабой аб'яднанне рамеснікаў па прафесіях. У беларускіх гарадах было тры тыпы цэхаў:

спецыялізаваныя

аб'яднанне людзей па адной прафесіі

аб'яднаныя

рамеснікі 2 і больш прафесій

зборныя

прадстаўнікі многіх прафесій.

Рамеснікі цэха дзяліліся на майстроў, чаляднікаў і вучняў. На чале цэха стаяў цэхмістр (стараста). Стаць майстрам можна было толькі тады, калі за кандыдата прагаласуюць усе майстры і адобраць зробленую ім рэч. Майстар нанімаў чаляднікаў, якія састаўлялі аснову цэхавага калектыву. Гэта былі кандыдаты ў майстры, якія ў вытворчым працэсе вучыліся майстэрству 2-5 гадоў. Катэгорыю вучняў звычайна складалі падлеткі і юнакі.

Дзейнасць цэха і кожнага яго члена рэгулявалася пісьмовым статутам. Ён патрабаваў, каб вырабленыя прадметы рамяства былі толькі высокай якасці. Кожны цэх меў свій сімвал: герб, харугві. Цэх з'яўляўся ўзброеным атрадам пры неабходнасці абараніць горад.

У гэты час налічвалася каля 400 спецыяльнасцей рамеснікаў, што спрыяла росту гандлёвых сувязей паміж вёскай і горадам, а таксама з суседнімі краінамі. З Расіі прывозіліся футры, скуры, абутак, а туды беларускія купцы везлі збожжа, скуры, замшу, воск, вырабы рамеснікаў. З Польшчы пастаўлялася сукно, жалеза, свінец, медзь, палатно. З Турцыі і Малдавіі – ўсходнія тканіны, шоўк, віно, ювелірныя вырабы з золата і срэбра. Знешнім гандлем у пачатку 17 ст. займалася каля 800 купцоў з 30 гарадоў Беларусі.

За ўвесь 225 гадовы перыяд гісторыі РП адбываліся шматлікія хваляванні і выступленні жыхароў супраць улады. Такія падзеі былі ўласцівымі для ўсіх краін свету феадальнага часу.

3.Беларусь у складзе РП не магла весці самастойную знешнюю палітыку, але насельніцтва нашай краіны заўсёды адчувала на сваіх плячах вынікі войнаў, якія ішлі на тэрыторі Беларусі.

Своеасаблівай спадчынай ад ВКЛ РП атрымала Лівонскую вайну. Яна пачалася за Лівонію (Ліфляндыю ці Інфлянты – такую агульную назву насіла канфедэрацыя пяці княстваў, якія знаходзіліся на тэрыторыі сённяшніх Латвіі і Эстоніі). Гэтую тэрыторыю Масква аб'явіла сваёй гістарычнай спадчынай і ў 1588 годзе пачала за яе вайну. ВКЛ згодна пагаднення аб саюзе з імі ў 1557 годзе стала на абарону гэтых княстваў ад агрэсара. Тады Іван 4 (Жахлівы) накіраваў свае асноўныя сілы на тэрыторыю Беларусі. Пачатак вайны для ВКЛ быў вельмі неспрыяльны, бо колькасць царскага войска ў некалькі разоў была большай, чым войска ВКЛ, і маскоўскія палкі даволі хутка ўклініліся ў глыб тэрыторыі Беларусі. Яны спустошылі Мсціслаўшчыну і Віцебшчыну, захапілі Полацк і другія гарады паўночнай часткі нашай краіны. Яны былі разрабаваны царскімі ратнікамі. Абозы з загружаным золатам, срэбрам і іншымі каштоўнасцямі пацягнуліся да Масквы. Была раскрадзена старажытнейшая бібліятэка Беларусі, што знаходзілася ў Сафійскім саборы. Разам з нарабаваным скарбам пад вартай гналіся шматлікія гурты палонных беларусаў.

Да 1564 года Расія страціла шмат сіл, і баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі сталі ісці з пераменным поспехам. Сілы ВКЛ былі таксама вычарпаны, што стала асноўнай прычынай заключэння ў 1569 годзе ўніі з польскай дзяржавай. У выніку Лівонская вайна стала ўжо прадметам зацікаўленасці Польшчы. Новы кароль РП, венгр па нацыянальнасці Стэфан Баторый (Сцяпан Батура па беларуску) праявіўся як таленавіты палітык і палкаводзец. З дапамогай Ватыкана ён сабраў моцнае войска і пачаў контрнаступленне, вызваляючы ад маскоўскіх войск беларускія гарады. У 1582 гозе з Масквою было заключана 10-гадовае перамір'е. Закончылася 25-гадовая вайна, у выніку якой уся паўночна-ўсходняя частка беларусі была зруйнавана і спустошана, а вакол Полацка на 50 вёрст абязлюдзела мясцовасць. Расія з гэтай вайны нічога не выйграла.

У пачатку 17 ст. РП пачала праводзіць актыўную рускую палітыку, выкарыстоўваючы бязладдзе ў кіруючых колах Расіі. Гэты час увайшоў у гісторыю як смута. Польскія і Літоўскія феадалы ставілі мэтай пашырыць свой уплыў і ўладу на ўсходзе, вярнуць захопленыя Масквой землі (Смаленск і інш.), а Ватыкан – дабіцца ўніі з рускай праваслаўнай царквой. Яны абласкалі самазванца манаха Грыгорыя Атрэп'ева, што выдаваў сябе за сына цара Івана Жахлівага Дзмітрыя. Ён атрымаў назву Лжэдзмітрыя. Гэтага самазванца ажанілі з польскай шляхцянкай Марынай Мнішак і ў 1605 годзе пасадзілі на маскоўскі царскі трон. Але хутка яго маскоўцы зверглі. Тады паявіўся другі Лжэдзмітрый, які дабіваўся пасады цара ўжо з дапамогаю войск РП, але поспеху не меў. У 1609 годзе пачынаецца інтэрвенцыя за царскі прастол. З 1610 па 1612 год польскі гарнізон знаходзіўся ў Маскве, і рускім царом лічыўся сын караля РП каралевіч Уладзіслаў. Войскі Польшчы і Літвы пад кіраўніцтвам Яна Сапегі гаспадарнічалі ў многіх гарадах Расіі.

Аб'яднанымі сіламі рускага апалчэння пад кірўніцтвам Мініна і Пажарскага ў 1612 годзе войскі інтэрвентаў былі выціснуты з тэрыторыі Расіі. Такім чынам эпапея "смутнага" часу закончылася для Расіі ўдала, а для РП безвынікова, і толькі пазней у 1618 годзе былі вернуты ёй Чарнігаўская і Смаленская землі Беларусі.

Шасцігадовая грамадзянская вайна (1648-1654 гг.) вельмі аслабіла РП. Маскоўскія ўлады рашылі выкарыстаць гэта, каб прабіцца да Балтыйскага мора і расшырыць тэрыторыю Маскоўскага царства за кошт беларускіх зямель, аб'яўляючы іх сваёй гістарычнай спадчынай. Маскве спрыяла таксама далучэнне Ўкраіны, што дазваляла з дапамогай казакоў Б.Хмяльніцкага абараніць паўднёвы фланг ад набегаў крымскіх татараў. У прапагандысцкіх мэтах вайна супраць РП абвяшчалася як абарона праваслаўных веруючых Літвы ад уціску каталікоў і ўніятаў, як захаванне праваслаўных каштоўнасцей. Згодна плану вайны супраць РП меркавалася выкарыстаць 80-тысячную армію і 20 тыс. казакоў Залатарэнкі. Польска-літоўскія войскі ў Беларусі налічвалі 20 тысяч наёмнікаў і 10 тысяч апалчэння мясцовай шляхты.

У ліпені 1654 года руская армія перайшла мяжу РП. У жорсткіх баях да восені большасць гарадоў усходне-паўночнай часткі былі захоплены, некаторыя спалены. Пасля трох з паловаю месяцаў аблогі з-за здрады ваяводы Абуховіча паў Смаленск. Пасля зімовага зацішша ў баявых дзеяннях з вясны 1655 года маскоўскія войскі зноў пачалі наступленне і да лета была акупіравана ўся тэрыторыя Беларусі, у тым ліку і сталіца ВКЛ Вільня. Цар Аляксей Міхайлавіч у знак перамогі нават прыняў тытул самадзержца "Всея Вялікія і Малыя і Белыя Русі".

Цяжкія паражэнні польска-літоўскіх войск на Беларусі спакусілі Швецыю на лёгкую здабычу – захапіць узбярэжжа Прыбалтыкі і польскае памор'е. Швецкія войскі хутка занялі паўночную частку Літвы, Познань, Кракаў і Варшаву. РП апынулася на мяжы палітычнай катастрофы, але і Расія вельмі напалохалася ўзмацненнем Швецыі і стварэннем ёю манапольнага панавання на Балтыцы. З РП было заключана перамір'е і пачалася расійска-швецкая трохгадовая вайна.

Вясною 1660 года РП заключыла мір са Швецыяй, што дало магчымасць сканцэнтрыраваць польска-літоўскія сілы на вызваленне Беларусі. На бяду для Расіі ў 1657 годзе памёр Б.Хмяльніцкі і новы гетман Іван Выгоўскі схіліўся на бок Польшчы. Новы казацкі палкоўнік І.Нячай, прызначаны замест Залатарэнкі, фактычна пачаў антымаскоўскую дзейнасць. Спрыяла для перамогі над расійскім войскам і тое, што насельніцтва Беларусі, якое ў першы перыяд вайны прыхільна адносілася да маскоўскіх ваяроў як адзінаверцаў, быццам маскоўцы будуць спрыяць вызваленню ад феадальнага прыгнёту, на практыцы пераканаліся, што нічога добрага яны не нясуць беларускаму народу. Наадварот, усюды, дзе размяшчаліся расійскія палкі, тварыўся гвалт і рабаўніцтва, нават у адносінах да адзінаверцаў. Многія тысячы беларусаў уганяліся ў палон, з якіх у Маскве і ў іншых гарадах з'явіліся цэлыя пасёлкі і слабодкі. Па гэтай прычыне насельніцтва Беларусі стала актыўна абараняцца ад марадзёраў, і ў многіх месцах сталі паяўляцца ўзброеныя атрады тыпа партызанскіх. А жыхары Магілёва перабілі 7-тысячны расійскі гарнізон і адчынілі вароты горада.У хуткім часе ўсходнія граніцы ВКЛ былі вернуты, і ў 1667 годзе ў вёсцы Андрусава быў заключаны мір паміж Расіяй і РП на 13,5 гадоў. Беларусь, акрамя Смаленшчыны, заставалася ў межах РП.

Цяжкая 13-гадовая вайна 1654-1667 гг. у савецкай гістарычнай літаратуры трактуецца як нацыянальна-вызваленчая, накіраваная супраць польскіх паноў і за ўз'яднанне з Расіяй. Гэта проста прарасійскі імперскі ідэалагічны міф, які яшчэ і сёння паўтараюць некаторыя беларускія гісторыкі. Вайну пачала Расія, у асноўным яе войскі спусташалі наш край, так што для Беларусі гэта стала нацыянальнай катастрофай. Насельніцтва зменшылася на 52% чалавек, аб'ём гандлю і рамеснай вытворчасці знізіўся да 40% ад даваеннага, а ў сельскай гаспадарцы каля палавіны ворных зямель некаму была апрацоўваць. Разам з падзеннем даверу да Масквы беларускі народ разачараваўся і ў праваслаўнай царкве, якая ўвесь час была на баку Расіі. Таму насельніцтва Беларусі стала пераходзіць ва ўніяцтва ў масавым парадку.

Мір на беларускай зямлі трымаўся 35 гадоў, сталі адраджацца гарады і мястэчкі, але ў самым пачатку 18 ст. пачалася новая "Паўночная вайна" (1700-1721 гг.) паміж Швецыяй і кааліцыяй у складзе Расіі, Саксоніі, Даніі пад назвай "Паўночны саюз", адсюль і назва вайны. Расія зноў імкнулася "прабіць акно ў Еўропу", адваяваўшы ў Швецыі выхад у Балтыйскае мора.

Паўночная вайна пачалася няўдала для Расіі і яе саюзнікаў. Швецыя на чале з карлём Карлам ХІІ хутка разбіла войскі Даніі і Саксоніі, Пётр І пацярпеў жорсткае паражэнне пад Нарвай. У пачатку 1702 года Беларусь стала арэнай баявых дзеянняў. Швецкая і руская арміі разбуралі, нішчылі гарады, вёскі, самаўласна перайшлі на забеспячэнне беларускага народа, тварылі гвалт, учынялі грабяжы. Значна ўзмацняла цяжкае становішча народа і тое, што вярхі грамадства ВКЛ раскалоліся на 2 лагеры. Адзін лагер быў прыхільнікам Пятра І на чале з магнатамі Агінскім, Вішневецкім, Радзівілам. Імі была створана Сандамірская канфедэрацыя (аб'яднанне) у падтрымку караля РП Аўгуста ІІ. Другія арыентаваліся на Швецыю і Карла ХІІ. Яны выбралі з дапамогай шведаў новага караля Станіславага Ляшчынскага.

Карл ХІІ вымушаны быў пакінуць тэрыторыю Беларусі, бо ўжо не было чаго рабаваць і падаўся на "хлебную" Украіну. Там стаў чакаць дапамогі, але яе не атрымаў. У верасні 1708 года каля вёскі Лясная (ля Слаўгарада) руская армія разбіла корпус шведаў, што ішоў да Карла ХІІ. Пётр І назваў гэту перамогу "матерью полтавской победы". Генеральная бітва адбылася пад Палтавай у чэрвені 1709 года, дзе шведская армія была поўнасцю разгромлена. Пасля гэтага расійскія войскі разам з сандамірскімі канфедэратамі прагналі шведаў і іх прыхільнікаў з Беларусі.

Паўночная вайна за перыяд з 1702 да 1710 года зноў зруйнавала жыццё на Беларусі, быў знашчаны Полацкі храм святой Сафіі (узарваны), а колькасць насельніцтва зменшылася на 32%. ВКЛ у сваім гаспадарчым жыцці было адкінута на дзесяткі гадоў назад. Расія набыла рашаючы ўплыў на РП, у тым ліку і на ВКЛ. Дзейнасць іх дзяржаўных інстытутаў папала пад кантроль Масквы.Усё гэта падрыхтавала ўмовы для будучых раздзелаў РП.

3.З эканамічнага крызісу, выкліканага разбурэннем гаспадаркі "Паўночнай вайной", РП, асабліва Беларусь, выходзіла вельмі марудна. Да сярэдзіны 18 ст. большасць беларускіх гарадоў і мястэчак заставаліся ў глыбокім заняпадзе. Эканамічны крызіс у РП ускладняўся крызісам палітычным, бо ўся дзяржава РП апынулася ў стане поўнай анархіі і безуладдзя. Перш за ўсё таму, што ў гэты час у найбольшай меры праяўляўся так званы час "залатых шляхецкіх вольнасцей". У іх аснове ляжала права ліберум вета (свабода забароны) пры галасаванні ў сойме. Гэта азначала, што даволі толькі аднаму са ста дэпутатаў сказаць "не пазволям!" як пастанова ці закон у сойме не прымаліся. Такое права давала магчымасць подкупу дэпутатаў.

Другім тормазам развіцця быў абавязак дэпутатаў строга прытрымлівацца інструкцый, атрыманых імі на павятовых семіках, што таксама паралізавала работу сойма. Такім чынам, палітычную праграму шляхты ў гэты час у РП можна звесці да аднаго галоўнага патрабавання – нічога новага. З 1652 да 1764 года з 55 скліканняў дзяржаўнага сойма 42 пасяджэнні былі сарваны праявай гэтых шляхецкіх вольнасцей.

Трэцяй бядой у гэты час для РП было безупыннае сапернічаства магнатаў і іх групіровак за дзяржаўную ўладу. Справа ў тым, што пасля смерці ў 1572 годзе апошняга караля і вялікага князя з дынастыі Ягайлавічаў Жыгімонта ІІІ Аўгуста, усталявалася традыцыя выбрання на сойме чарговага манарха. Кожная магнацка-шляхецкая групіроўка імкнулася прывесці на трон свайго чалавека. Гэтыя ўнутраныя канфлікты раздзіралі краіну, даводзячы яе нават да грамадзянскай вайны, як гэта было ў 1700 годзе.

Крызісныя з'явы ў РП прыцягнулі ўвагу Расіі, Аўстрыі, Прусіі і Швецыі, каб падтрымаць разлад у краіне, час ад часу ўводзячы туды свае войскі.

У другой палове 18 ст. патрыятычна настроеная частка кіруючых колаў РП прадпрыняла спробу рэфармаваць яе палітычны лад. Галоўным у гэтых рэформах было жаданне ўмацаваць вярхоўную ўладу і абмежаваць свавольства магнатаў і шляхты. Спроба выклікала вялікае незадавальненне як шляхты і магнатаў, так і суседніх дзяржаў. Расія і Прусія выкарысталі для ўмяшання ва ўнутраныя справы РП адмову сойма 1766 года надаць роўныя правы некатолікам: пратэстантам (дысідэнтам) і праваслаўным (схізматыкам). З дапамогай Прусіі ў польскім горадзе Торунь была створана ў 1767 годзе пратэстанцкая канфедэрацыя, а пад патранажам Расіі – Слуцкая канфедэрацыя ад праваслаўных. Гэтыя аб'яднанні выдалі маніфесты з пералікам усіх уціскаў і крыўд, што цярпелі некатолікі, і з просьбаю аб пратэкцыі іх расійскай імператрыцы, а таксама прускага, англійскага і дацкага караля. Пад уціскам расійскіх войск, раскватараваных пад Варшавай, рэформы былі спынены.

У 1768 годзе, незадаволеныя палітыкай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, стаўленніка Расіі, частка магнатаў і шляхты стварыла Барскую канфедэрацыю (крэпасць Бар на Украіне). Канфедэраты выступалі як барацьбіты за панаванне каталіцкай царквы, за незалежнасць і цэласнасць краіны. У ёй прынялі ўдзел такія магнаты, як Кароль Радзівіл, М.К. Агінскі, М.Пац і інш. Але ў 1772 годзе ўзброеныя сілы канфедэратаў былі разбіты А.Суворавым пад Сталовічамі (каля Баранавіч). Яшчэ за месяц да гэтай перамогі ў жніўні 1772 года ў Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб падзеле тэрыторыі РП паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Гэты быў першыпадзел РП.

Абасноўваўся гэты драпежніцкі акт на афіцыйным узроўні цынічна: быццам "асветленыя" манархі вымушаны былі ўзяць пад сваю апеку землі РП, якія з-за анархіі і магнацкіх спрэчак прыходзяць да заняпаду. Да Расіі адышлі інфляндская зямля і ўсходняя частка Беларусі з Полацкам, Віцебская, Мсціславам і Рагачовым. Усяго 92 тыс. кв. км з 1,3 млн. насельніцтва.

Пасля першага падзелу РП многім стала зразумела, што без кардынальных рэформ у бок буржуазна-дэмакратычных змяненняў незалежнасць краіны не захаваць. З 1773 года ўсе Вальныя (агульныя) соймы, каб пазбегнуць ужывання права "ліберум вета" , сталі аб'яўляць сябе канфедэрацкімі, на якіх рашэнні прымаліся простай большасцю галасоў. У тым жа годзе быў ліквідаваны Ордэн езуітаў і было створана першае ў свеце Міністэрства асветы – Адукацыйная камісія. Ініцыятарам яе стварэння быў беларускі магнат, падканцлер ВКЛ Яўхім Храбтовіч. Значны даход ад уласнасці распушчанага ордэна перадаваўся справе адукацыі. Адукацыйная камісія рашуча ўзяла курс на рэалізацыю асветніцкіх ідэй у культурным жыцці РП. За 21 год свайго існавання яна шмат зрабіла ў справе стварэння свецкай адукацыі ў дзяржаве.

Вялікую ролю адыграў Чатырохгадовы (Вялікі) сойм (1788-1792 гг.), на дзейнасць якога паўплывала Французская рэвалюцыя. Вяршыняй яго дзейнасці з'явілася прыняцце 3 мая 1791 года першай у Еўропе (другой у свеце пасля ЗША) канстытуцыі. Гэты асноўны закон сваім зместам быў накіраваны на развіццё дзяржавы ў прагрэсіўна-буржуазным напрамку:

Канстытуцыя 3 мая 1791 года адмяніла права "ліберум вета"

зрабіла паслабленні ў прыгонніцтве

вызначыла размежаванне паміж заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладай у дзяржаве

прыняла рашэнне аб стварэнні на тэрыторыі РП і Беларусі незалежнай ад Масквы праваслаўнай епархіі.

Канстытуцыю адобрылі Францыя і Англія, а ў Расіі яна і праводзімыя ліберальныя рэформы вызвалі раздражэнне і варожасць. Расійскі ўрад чакаў заканчэння вайны з Турцыяй, каб зноў пачаць інтэрвенцыю.

Нарэшце 35-тысячны корпус расійскіх войск разбіў 15-тысячную польска-літоўскую армію і ў студзені 1793 года тры драпежнікі дамовіліся і зноў падзялілі суседнюю дзяржаву. Расіі дасталася новая частка Беларусі па лініі Друя-Пінск. Гэта быў другі падзел РП.

Каб абараніць гонар зганьбаванай дзяржавы, патрыёты Польшчы і ВКЛ узнялі паўстанне супраць Расійскай імперыі. Кіраўніком паўстання быў абраны нашчадак старажытнага беларускага шляхецкага роду, змагар за незалежнасць ЗША генерал-лейтэнант Андрэй Тадэвуш Касцюшка. У красавіку 1794 года пасля вызвалення Вільні паўстанне ахапіла ўсю Заходнюю Беларусь. На тэрыторыі ВКЛ паўстанне ўзначаліў палкоўнік Якуб Ясінскі. Галоўнай мэтай паўстання было "аднаўленне незалежнасці" ў межах 1772 года, а таксама патрабаванні волі і роўнасці. У маі Касцюшка выдаў дэкрэт – Паланецкі універсал, у якім была адменена асабістая залежнасць сялян ад феадалаў. Сяляне стваралі атрады, якія называліся касіянерскімі (узброеныя косамі). На Беларусі ў паўстанні прыняло ўдзел каля 25 тысяч чалавек. Але паўстанцы не змаглі супрацьстаяць аб'яднаным сілам Расіі, Аўстрыі і Прусіі. Галоўную ролю ў падаўленні паўстання адыграў А.Сувораў, які за гэта атрымаў званне фельдмаршала і вялікі абшар зямлі з прыгоннымі ў Кобрынскім павеце. Пасля задушэння паўстання адбыўся трэці падзел РП. Яна знікла з карты свету як дзяржава, а Беларусь поўнасцю ўвайшла ў склад Расіі, стаўшы Паўночна-Заходнім краем. Кацярына ІІ загадала выбіць у гонар далучэння новых зямель спецыяльную медаль з надпісам: "Отторгнутое возвратіх".

Share
Tags :
06.04.2017